ВІ́ЦЕБСКАЯ МАРЫІ́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ ГІМНА́ЗІЯ.

Існавала ў Віцебску ў 1870—1917. Засн. на базе Марыінскай жаночай школы (з 1863). Утрымлівалася на сродкі грамадскіх арг-цый, органаў гар. самакіравання і дабрачынныя ахвяраванні. Прымалі пераважна дачок дваран, чыноўнікаў, святароў (у 1900 было 413 навучэнак). Тэрмін навучання 7 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, рус. мова і славеснасць, гісторыя, геаграфія, матэматыка, фізіка, франц. і ням. мовы, дамаводства, чыстапісанне, рукадзелле, маляванне, спевы, танцы. Выпускніцы не мелі права на паступленне ва ун-т з-за скарочанага аб’ёму выкладання ў гімназіі дакладных і прыродазнаўчых навук. Той, хто жадаў, мог скончыць дадатковы 8-ы (педагагічны) клас (выкладалася педагогіка, методыка навучання ў пач. класах, праводзілася пед. практыка ў пач. школах) і атрымаць атэстат настаўніцы пач. класаў. Штогод гімназія выпускала 80 чал. За гады існавання падрыхтавана каля 3 тыс. вучаніц, у т. л. 1 тыс. настаўніц.

С.В.Сяліцкі.

т. 4, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)